Русалчыныя сьлёзы

Сержук Сыс
Сядзела русалка на белай бярозе,
Ой, рана на белай, ой, рана сядзела,
Губляла ў лісточках  зялёныя сьлёзы,
Ой, рана губляла, ой, рана на белай.

Зьвісалі да долу лазовыя косы,
Ой, рана зьвісалі, чакалі вяночка,
Русалчыны сьлёзы палеглі, як росы,
Ой, рана каціліся чэрвеньскай ночкай.

Шапочуць срабрыстыя побач палосы,
Ой, рана шапочуць, ой не на Купальле,
А зь белай бярозы няўцешныя слёзы,
Ой, рана смарагдамі ў межы сьцякалі.

Не мчаць агнявыя колы з пагоркаў,
Ой, рана, дзяўчаты вяночкаў ня сьнілі,
Зьляці лепш зь бярозы цяцерчыным пёркам,
Схавайся да часу ў забытай  магіле.

2006.