БЕЛЫ АРКУШ ПАПЕРЫ
Згінь, лянота без меры!
Гэй, няўпэўненасць, згінь!
Белы аркуш паперы,
Я пяю табе гімн!
Шлях надзеі і веры –
У тваёй баразне.
Белы аркуш паперы,
Ты чакаеш мяне.
Каб без жалю і смутку
Мае думкі пайшлі
Па чысцютка-бялюткай
Бездакорнай раллі.
Ты прымаеш з даверам
Зерне слоўкаў маіх.
Белы аркуш паперы,
Тут мы толькі ўдваіх.
Ты адзіны, хто ведаў
Пра каханне-любоў,
Пра адчай маіх бедаў,
Цяжкасць думак і слоў.
Ты адзіны, хто ўсцешваў
Мае ночы і дні,
Бо святло маіх вершаў –
Ад тваёй чысціні.