Вось кажуць iсцiна y вiне...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Вось кажуць – ісціна ў віне.
А што, калі ў бутэльцы суха?
Але гітара слых кране –
І верыш: ісціна –  у гуках.

Чароўна струны затрымцяць,
Душу зацягнуць пераборы –
І слоў кахання не суняць,
І ўжо пачуцці –  быццам мора.

І улюблёнасць у жыццё,
І боль пакут, і летуценні –
Нішто без гукаў. Сціхне ўсё –
І стануць сэрцы, бы каменні.

Што можа быць у цішыні,
Калі маўчанне – звон бязгучны?
Натхнення подыхі? Ані!
Застойнасць шэрасці цягучай!

Дык хай ляцяць яны, ляцяць
Па-над зямлёй, кудысьці ўгору,
Каб нашы душы насычаць
І напаўняць жыццём прастору.

Калі гітара слых кране,
Здаецца: ісціна –  у гуках.
Хтось кажа: ісціна  ў віне.
А што, калі ў бутэльцы суха?

25.05.2010