Да закiнутай вёсачкi...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Да закінутай вёсачкі, Богам забытай,
 Дзе дзіцячага смеху нідзе не пачуць,
 Дзе ўжо крамы няма, ганак школы разбіты,
 Я, ў дарозе стаміўшыся, мусіў звярнуць.

Тут калісьці жылі, і даволі багата,
 Грамадой працавалі на шчодрай зямлі,
 Але вось ужо ўсе закалочаны хаты
 І палі пустазеллем ужо зараслі.

Маладзенькія ў горад даўно паўцякалі
 Дыскатэкаў і лёгкага хлеба шукаць,
 А старых год за годам усіх пахавалі –
 І руку ўжо нікому няма тут падаць.

Акрамя трох бабулек ды дзеда старога
 Тут ніхто не адчыніць скрыпучых дзвярэй.
 На ўсю вёску адна засталася карова
 Ды з дзесятак які захудалых курэй.

Іх усіх сцеражэ небрахлівая шаўка,
 Што не кінула вёску і гэтых старых,
 Чый сусвет – тэлевізар ды скарб аўталаўкі,
 Што калі-нікалі прыязджае да іх.

Але, што ім купляць? Толькі хлеба ды солі,
 Ды запалак, ды, можа, крыху танных круп
 Дзе тых грошаў набраць, каб прыдбаць нешта болей?
 Ім ячкі – прысмакі, ды рэдзенькі суп.

Ім бы сілы знайсці, каб дабрацца да печы
 І ў спякоту няшчадную трохі паспаць.
 Ім бы, гэтым старым, у цянечку прылегчы,
 А яны пачалі ўсе мяне частаваць!

Але ў сэрцы зрабілася горка і смутна
 І заскрыбліся кошкі чамусьці ў душы.
 Я папіў малачка, нібы сын які блудны,
 І цішком пацягнуўся ізноў да шашы.

Колькі ж гэтакіх вёсачак з картаў сціраюць!
 Іх знішчаюць і дзеянні нашы, і час…
 Але зрэдку у снах вёскі зноў ажываюць,
 Каб, нібыта матулі, маліцца за нас.

18.03.2010