Да вакна вяло бяссоньне,
Адчыняла ноч вакно,
Месяц выгнуўся ў паклоне:
--Не нудзіся, ёсьць віно.
Дружна выпілі, маўчалі,
Потым месяц рог крывы
Мне падаў, нібы начальнік,
І пацёгся за хлявы.
Сярод шолаху і ўсхліпаў
Ловіць слых сярдзіты гук:
У густой лістоце ліпы
Заблукаў спазнелы жук.
Піў, відаць, згубіў дарогу,
Дома жонка выесьць плеш…
Мне ж і гэтага нямнога
Не адрэжаш, не нальеш.
Трэснуў лёс, нібы начоўкі:
Я – адзін, яна – адна…
Заўтра месяц прыйдзе зноўку,
Вып’ем зь месяцам віна.