Дым

Сержук Сыс
Дым адносін,
Дым крадзеных слоў,
Сноў дым -
У кватэры сярод чужых,
Дзе штодня па твары маім
Прапаўзаюць хлусьні смаўжы.
Гэты дом
І вар’яцтва шпалер,
І такі-сякі дабрабыт…
Сярод іх мы, здаецца, жывём,
А дакладней жыве нябыт.
Не праз вочы вакон,
Дым густы,
Непраглядны, нібыта сон,
Не праз сэрца са мною ты,
А з табою прыйшоў і ён –
Поўны самай зямной нуды
Пракаветны халодны дым.
1990.