Чаканне

Лариса Коско
Я не ведаю, што пісаць,
Нехта ўсё напісау за мяне,
Застаецца толькі чакаць,
Слухаць спевы гаёў па вясне.

У ціхім шолахе белых бяроз,
У шапаценні кветак і хваль,
Я пачую званочкі рос,
Што скаваў невядомы каваль.

Я збяру іх і зберагу,
У таямніцах песень маіх,
Толькі я адна не змагу,
Бо пісаць патрэбна ўдваіх.

Удваіх з каханнем, з вясной,
Удваіх з шолахам дрэў,
Удваіх з хваляй рачной
Незабыўны пральецца напеў.

Паляціць у бярозавы гай
І заўецца між белых ствалоў.
Ен вернецца зноў, чакай,
Ды толькі ўжо бяз слоў.

На досвітку, у росным ранні,
Праспявае яго салавей,
Дзяркач прарыпіць на паляне,
А рэха паўторыць гучней.

Я не ведаю, што пісаць,
Нехта ўсё напісаў за мяне,
Застаецца толькі чакаць,
Слухаць спевы гаёў па вясне.