Парасон

Сержук Сыс
Дождж-нахаба схапіў за грудкі
Млявы горад хлёсткай рукой,
Мкнуцца шумныя раўчукі
Стаць ракой.

Тратуар – што лядашчы паром,
Заскрыпіць і вось-вось паплыве
Над майданам, а там, за вуглом –
Па траве.

Лупіць дождж і наўскос, і наўзмах,
Што там графіка Пікасо!
Толькі мой не скараецца сцяг –
Парасон.
2000.