Даная

Сержук Сыс
Незямная мая Даная,
Ты прызнацца сабе не жадаеш:
Я не цацка твая, не рэч.
Ненавіджу цябе, праклінаю.
Ды вачамі ізноў распранаю
У хвіліны рэдкіх сустрэч.

Не пазнае ніхто аніколі,
Як люблю ды цалую да болю,
Як цябе ад чужых берагу…
Толькі потым кляну ўсё болей,
Толькі потым крычу: “Даволі!”,
А пакінуць ніяк не магу.
2000.