Я намалюю ноч сваю

Сержук Сыс
Я намалюю ноч сваю,
Бяз гэтай лютаўскай завеі,
О, дайце час і я пасьпею,
Я намалюю ноч сваю.

Прайдуся фарбамі агню
Па палатне дрыготкіх ценяў,
Па дрогкіх сполахах сумненьняў
Прайдуся фарбамі агню.

І стане хораша ў грудзях,
Суціхне ўраз ліхая сьцюжа,
Я нават сьнег гарэць прымушу –
Так стане хораша ў грудзях.

Я намалюю ноч сваю,
Няхай палае, дражніць, кліча!
Сьвятлом пакрэсьлю безаблічнасьць
І намалюю ноч сваю.
1991.