Я не учила в школе белорусский... бел

Тамара Кошевая
Я НЕ ВУЧЫЛА Ў ШКОЛЕ МОВУ…

У час савецкі ўсім вайскоўцам               
Жыццё вандроўкаю было,
Сям’і – казённыя сталоўкі
Ды нестабільнае жытло.

І – слабіна – такі вось бублік!
Бацькам – краіну берагчы,
А дзецям мовы тых республік,
Вучыць не хочаш – не вучы.

І ў тым была несправядлівасць,
Разлад чужынцаў і сваіх.
Яны – не вучаць! Уласціва,
А я чым горшая за іх?

І вось я вышукала здуру
Сабе на голаву нуду:
- Пайду вучыць літаратуру,
А вось на мову… НЕ ПАЙДУ!

Што там было!.. Я сталым зрокам
Гляджу цяпер на выбрык свой,
Ён быў для школы пэўным шокам!
А для настаўніцы маёй!..

Калі я ўраз перакладала
Літаратурныя радкі,
- Ну, як жа так! – ледзь не рыдала, --
Выдатніца! “Позор” які!

А я на ўсё была гатова,
Цярпець папрокі і заган.
Я не вучыла ў школе мову,
Упёршыся, як той баран.

Ну, не магла я прымусова!
Мне той прымус - у горле косць!
Я не вучыла ў школе мову,
Ну, што рабіць – якая ёсць!

…Успамінаю ўсе вымовы,
Усе пакуты тых нягод,
Калі я не вучыла мову,
А мне ж было… дванаццаць год!

Глядзела іранічным вокам
На ўсіх “правадыроў ідэй”,
А болей слухала гаворку
Вяскоўцаў, гарадскіх людзей.

Любіла песні. І спявала
“Калядкі”, “Бульбу”, “Ручнікі”,
Збягала ноччу на Купалу,
Глядзець дзявочыя вянкі.

Чытаць – чытала вельмі многа
На беларускай мове я.
Вось так складалася патроху
Ўся адукацыя мая…

Цяпер паэзіі асновы
Душа асьмяжаная п’е
З вытокаў беларускай мовы
І з мілагучнасці яе.

Пад крыльцам беларускай музы
Ужо не цяжка, як раней.
Само жыццё – не пад прымусам –
Вучыла ўпартую мяне!