Водгук развiтання

Надежда Петручук Филон
Белы снег у першы дзень вясны!
Над зямлёй зноў лётаюць сняжынкі…
Не, не мроі гэта і не сны,
Што зацерушыла ўсе сцяжынкі.

Сонечнага промня не відаць –
Як жа без яго у дзень вясновы?
А сняжынкі зноў і зноў ляцяць,
На зямлі ляжыць дыван пуховы.

Не здаецца снежная зіма,
У паветры кружыць завірухай,
Але моцы ўжо ў яе няма,
Толькі ціхая туга і скруха.

Вельмі хутка заквітнее сад
І вясны надыдзе панаванне.
І, магчыма, гэты снегапад
Ёсць апошні водгук развітання.