Адчуваючы змены у прыродзе...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
 Адчуваючы змены ў прыродзе,
 У паветры, у люстрах вады,
 Птушкі ўвосень ірвуцца на поўдзень –
 У цяпло – перажыць халады.

 Ці інстынкты іх клічуць да ўзлёту
 І збіраюць у вырай, у клін,
 Ці з'яўленне асенняй самоты
 Ў даляглядах радзімых мясцін,

 Але некалі раніцай золкай
 Пракладаюць  у неба шляхі
 Незлічоныя ластаўкі, сойкі,
 Пліскі, жаўранкі, гусі, шпакі.

 А пасля ў хваляванні вялікім,
 Аглядаючы зверху палі,
 Пад свае развітальныя крыкі
 Над зямлёю плывуць жураўлі.

Углядаюся пільна,  праз слёзы, –
 І сыходзіць самотай душа.
 А навокал  трымцяць  вербалозы
 І злятае каштанаў іржа.

Я за клінам зрываюся знічкай –
 Ды лячу ў халадэчу расы.
 А мяне ўверх настойліва кліча
 Шэпт узлётнай – маёй – паласы.

 Разбяжацца б, узняцца на крылах –
 І за выраем – за небаскрай –
 Над радзімаю, сэрцайку мілай,
 У чужы, ды прываблівы край.

 Там, напэўна, жыццё –  як у раі.
 Паляцець? Але як? І калі?
 Не магу.  Бо на месцы трымае
 Прыцягненне
 Любімай
 Зямлі...

4.09.2011


Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru