Байка пра жабак

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Зваліліся дзве жабкі ўнутр шклянкі
 З густой, налітай толькі што смятанкай.

 Мо гэтак паслізнуліся на глебе,
 Ці нешта ім прымроілася ў небе,

 Але згубілі раптам раўнавагу
 І разам у смятанкавую багну

 Зляцелі, бы падстрэленыя птахі,
 І ластамі зашлэпалі ад жаху.

 Абедзве павылуплівалі вочкі:
 “Ратуйце! Тут няма ні астравочка!

 Не выскачыць! Не выбрацца ніколі,
 Каб вонку атрымаць былую волю!”

 Адна рашыла не супраціўляцца
 І лёсу свайму горкаму аддацца:

 Злажыла на грудзях пакорна лапкі –
 І больш ніхто не бачыў тую жабку.

 Другая ж захацела пазмагацца,
 Са смерцю відавочнай паспрачацца:

 Загойсала, забілася ў смятане
 З надзеяй: а мо гэтак лёс падмане.

 Яшчэ й усмешка сонейка не згасла,
 Як жабка атрымала... востраў масла.

 Але прыдбала новую гароту:
 Хтось вынуў патанулую істоту,

 Дастаў другую – тую, што не ўвязла,
 Прадаў на рынку свежанькае масла,

 І кінуў пераможцу-жабку … ў шклянку
 З густой, налітай толькі што смятанкай.

14.11.2011


Паэтычная старонка Таццяны Дзям'янавай www.lightynna.ru