Верлiбр

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Сёння ў модзе верлібр. І таму... адчапіцеся, формы!
 І памеры, і рыфмы – сілкі для радкоў-летуноў!
 Там, дзе маецца сэнс, паэтычны настрой непаўторны,
 Даравальна свабода абуджаных вольніцай слоў.

 Хай зляцяць ланцугі са скаваных харэем пачуццяў!
 Хай з-пад ямба збягуць заняволеных думак сляды!
 Незалежная Муза крынічнай вады не замуціць,
 Анідзе не пакіне пустой мнагаслоўнай нуды.

 Дзіўнаваты верлібр не баіцца змятаць забабоны,
 Хоць прыняць навізну не адразу ўдаецца камусь.
 Ён пачаў існаваць у абшарах Еўропы шалёнай,
 А цяпер акупуе радзіму маю – Беларусь.

 Пачынаю чытаць,  павялічваю попыт і дозу.
 Пачытала б яшчэ. Але трэба  адзначыць найперш:
 Спадзяюся, верлібр не пяройдзе з паэзіі ў прозу,
 Не забудзе, што ён усё роўна не проза, а верш.

22.01.2012