Белы снег

Надежда Петручук Филон
Белы снег у паветры – смугою –
Разгулялася моцна завея.
Вее вецер, і з ціхай тугою
Снег павольна кладзецца на веі.

Ён растаў – і празрыстаю кропляй
Пракаціўся так лёгка па твары,
І няўлоўным, няўпэўненым крокам
Аб забытых напоўніў мне марах,

Аб няздзейсненых мною жаданнях,
Спадзяваннях, пачуццях, падзеях,
Аб жыццёвых складаных пытаннях,
Аб дзяцінстве, юнацтва надзеях.

Белы снег у паветры смугою –
І павольна кладзецца на веі.
Маё сэрца напоўніў тугою…
Закружыў у абдымках завеі.