Валярыне Куставай

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Паэтка рыфмамі спявала-дыхала,
Сплятала магію сваіх замоў –
І загаворвала,  і закалыхвала
Дзівоснай музыкай ажыўшых слоў.

Люляла спевамі, што ў сэрцы склаліся,
Карміла казкамі з рук небыцця.
Паіла вершамі – як праліваліся –
Натхнёнай шчырасцю з крыніц жыцця.

І ў душы сціхшыя, што раптам скінулі
Кару будзённасці,  нібыта лёд,
Сышла Паэзія –  і ліўні хлынулі –
І лёгка змылі пыл усіх турбот.

16.10.2010