Давай з табою пагуляем у паэтау...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Давай з табою
 Пагуляем у паэтаў:
 У Інтэрнеце
 Назбіраем чытачоў
 І пасваволім
 Проста так, без пэўнай мэты,
 Нібыта дзеці,
 Над мазаікаю слоў.

 Давай уявім,
 Што ствараюцца шэдэўры,
 Якіх дагэтуль
 Не чытаў яшчэ І-нэт,
 Што маем права
 На краі жыццёвай зеўры
 Пабыць паэтам
 І апець па-свойму свет.

 Давай успомнім,
 Што ў бязглуздзіцы бясконцай
 Не мы – паэты
 І што гэта ўсё – гульня.
 Мы – толькі промні,
 Толькі іскры Бога-сонца,
 Якое летам
 Залівае ночвы дня.

 А лета згасне -
 І настане дзень зімовы,
 Скаваны ў камень
 Пад прымусам маразоў.
 І шчасце лясне –
 Скамянее паступова
 Паміж ільдамі
 Недапісаных радкоў...

8.09.2011