Яшчэ да халадоу далёка

Оксана Ярошенок
Яшчэ да халадоў далёка,
Стаіць курортная пара,
Ды восень паннай жаўтавокай
Ужо глядзіць з каляндара.

Да ног ляціць духмяны яблык,
Няўмольна карацее дзень,
Ілля лістом аздобіць ганак,
Ільдзінку ў рэчку пакладзе.

Так. Халады яшчэ няблізка.
Стаіць курортная пара.
І ўсё ж самотных вершаў нізка
Ужо выходзіць з-пад пяра.