Яблыкам даспелым,
жнівень ціха крочыў,
Зазірнуў нясмела
прама ў мае вочы.
Ды згубіў ён словы,
стаў зусім шчарбатым...
У дзянёчку новым
танчыў каля хаты.
* * *
Калі не будзе свет мне мілы,
І роспач раптам ажыве...
Анёл падорыць зноўку крылы,
У шлях жыццёвы пазаве.
Я застануся на зямліцы,
На той, што падарыў мне Бог!
І кожны дзень буду маліцца
За тых, хто выжыць дапамог...
* * *
Шчасця выкаваць падкову
я ніколі не змагу...
І не веру твайму слову,
хоць былое - берагу.
І гукаю цябе ранкам,
і шукаю зноў у сне...
След губляецца за ганкам,
як праменьчык у акне.
(Зборнік "Кроза" 2012г.)