Дзед ля банкамата

Галина Белявская 2
Дзед у горадзе пабыў,
Нешта троху прыкупіў
Ды ішоў сабе памалу
Ён дарогай да вакзалу,
Каб даехаць чым дахаты.
І якраз ля банкамата
Шлях дзядулеў пралягаў.
Ён здалеку назіраў
За чаргой ля вугла дома.
"Што даюць там невядома?"-
Дзед падумаў. Падыйшоў,
Усё роўна міма ішоў.
Бачыць цуд: без чалавека
Грошы лезуць з дзіркі нейкай.
У акенцы свет гарыць.
Дзе ж там чалавек сядзіць?
"Як чарга,-дзед думаў,- прыйдзе,
Мо' адкрые шырму, выйдзе."
Падыйшла чарга.І дзед
Цісне кнопкі ўсе, як след.
Чалавек не выглядае.
Ён тады праз шкло пытае:
"Як для ўсіх такі харошы,
Дай і мне ты троху грошай
На віно і на каўбаску-
Мне сто тысяч дай,будзь ласкаў."
Не  дае, не лезуць грошы,
Колькі дзед  сабе не просіць.
Эх, і злосць прабрала дзеда!
" А, каб ты быў не паснедаў,
Не дайшоў каб да вячэры,
Каб скруціла табе чэраў!
Усім мільны выдаваў,
А як мне пашкадаваў
Ты сто тысяч на бутэльку?!
Што, такі начальнік велькі?
Ганьбіш дзеду ты падаць?!
Прыкра нават выглядаць?
Ну, дык я не ганаровы!"
Камень дзед схапіў здаровы,
Каля вугла што ляжаў,
"Дасі грошай?"-шчэ' спытаў
І улупіў па шклу з размаху!
Ўміг -міліцыя.Пад пахі
Дзеда хлопцы хапанулі
І ва ўвазік упіхнулі.
Ён і там пратэставаў:
"А што грошай не даваў!
Я узрост мой паважаць
Навучу яго, пся маць!"