Частушкi-паплакушкi

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Хоць не дурань, не лайдак
 і не крыварукі я,
 нешта ўсё ў мяне не так:
 набакір і наўскасяк
 і ўсяму насуперак.

 Мары зношваю да дзір,
 яву рву й падлатваю.
 У кагосьці ў будні – пір,
 а ў мяне і ў святы – вір –
 безграшоўе клятае.

 Стану ранкам ля акна,
 гляну – ззяе сонейка.
 А пайду кудысь – хана:
 проса дожджыку спаўна
 сыплюць хмары-конікі.

 І ў каханні у сяброў,
 як ва ўсім, – гармонія.
 А ў мяне – адна любоў –
 жонка, што псуе мне кроў –
 даўкая аронія.

 У раі штодзённых спраў
 ні ў адной не спраўны я:
 мераў боты, як купляў,
 ды праз тыдзень іх дастаў,
 а яны – два правыя.

 Жыць спрабую ўсё прасцей.
 “Так лягчэй,” – кумекаю.
 Ды мой шлях чамусь ідзе
 не наўпрост, як у людзей,
 а п’яною змейкаю.

 Развярэджваю душу
 недарэчнай хронікай,
 ды занадта не тужу:
 лёсу фігу пакажу –
 й граю на гармоніку.

 8.04.2013