Пасляслоуе

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Знемагаю ў чаканні ліста.
 А ў І-нэце на скрыні паштовай
 Анічога – ні знака, ні слова –
 Беспрасвецце. Зеро. Пустата.

Колькі дзён, колькі ночак запар
 Вар'яцею над гэтай пустэчай
 І чакаю… няхай не сустрэчы –
 Хоць слаўца неласкавага ў дар.

Хоць радка… У галечы сваёй
 Не цябе, а сябе вінавачу.
 Ці магло ўсё адбыцца іначай?
 Пра цябе… За табою… З табой…

Неспатольнаму сэрцу ніяк
 Не сагрэцца няўклюднай любоўю!
 Несуцешнасць – яе пасляслоўе,
 Скамянелых рыданняў камяк.

Бы лязом… Па жывым… Як баліць!
 А ўспаміны пульсуюць шалёна…
 Як забойцы, маўчаць тэлефоны.
 Ну й маўчыце! Навошта мне жыць?!



7.06.2012