Маленства

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Адзіны жэст, адное слоўка –
 і я лячу: ўспамінаў конь
 нясе мяне ў маленства зноўку.
 Там я на штосьці хмуру броўкі,
 а мне вясёлая багоўка
 казыча ножкамі далонь.

 Вакол жаўцеюць кураняты
 сагрэтых сонцам дзьмухаўцоў –
 так іх назваў чамусьці тата,
 калі на луг мы збеглі з хаты
 на пошук промняў паласатых –
 настрою сумнага касцоў.

 А ветрык буськае нам твары
 і коткай лашчыцца ў нагах.
 І гоніць радасна не хмары –
 страшныя шэрыя пачвары,
 а матылькоў ружовай мары
 і карамельны кветак пах.

 Наўкол трава – як плот высокі,
 рамонкі тыркаюцца ў нос.
 А зверху неба цешыць вока
 імчаннем конікаў-аблокаў
 у трыдалёкае далёка
 над верхавінамі бяроз.

 О, коні!
 Мой, незацугляны,
 ўзбрыкнуў і скінуў ля вады.

 Да рэчкі, лёсам разаранай,
 я падышоў дзіцём румяным,
 адлюстраваўся нечакана –
 а там…

 гады –
 мае гады.

26.05.2013