Здаецца, нейкi розум маю...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Здаецца, нейкі розум маю,
 Але чамусьці дзень за днём
 Усё адчайней урастаю
 Ў палеткі Нэта каранём.

Як муха ў ліпкай павуціне,
 Не адчуваючы бяды,
 Ці жаба, зблытаная ў ціне, –
 І ні туды, і ні сюды.

Зайду на нейкі сайт – і вісну,
 Пакуль не вычытаю ўсё,
 Зусім забыўшы рэчаіснасць –
 Свае будзённае жыццё.

А недзе там гарыць каструля,
 Страляюць бульбы вугалькі –
 Зноў на вячэру будзе дуля.
 Ды мне рэальнасць не з рукі.

Я, бы матыль, усё лятаю.
 Ды паспрабуй мяне злаві!
 Але шчаслівы, хто не мае
 Нэта-залежнасці ў крыві!

17.05.2010