Не заужды будзе так

Демьянова Татьяна Дмитриевна
У часіну, калі, як зламаны вятрак,
 згубіш крылы ў навале, што звыш памясіла,
 не сумуй, не тужы, як апошні бядак.
 Пацярпі, ўсё міне. Не заўжды будзе так.
 Бог дае нам гароты па сілах.

 А як сонейка ўдачы з-за хмары зірне,
 хай табе ззянне вочы не засціць.
 Не заўжды будзе так, як жадаецца, не!
 Ледзь сагрэеш душу – раптам дождж ламане
 І прыб'е да зямлі промень шчасця.

 Лёс кідае то ў пекла зямное, то ў рай –
 што каму ў пэўны момант карысна.
 А таму не выношвай у сэрцы раздрай:
 усё тое, што так ці не так успрымай
 як урокі рэальнасці існай.

 І ніколі між злом і дабром для сябе
 не акрэслівай рэзкія межы.
 Будзь мудрэйшым у радасці, а не ў журбе:
 што пасеяна сёння табой і табе,
 заўтра парасткам стане належным.


28.06.2013