Надзейная сувязь

Надежда Петручук Филон
     Восеньскае неба ўжо каторы дзень было зацягнута  шэрымі хмарамі. Дробны дождж час ад часу злучаў неба і зямлю танюткімі мокрымі нітачкамі. Імгненнямі здавалася, што гэтая мокрая сувязь паміж дзвюма паверхнямі не знікне ніколі. Няўжо больш не існуе іншага спосабу, каб нейкім чынам праз вялізарную адлегласць злучыць незлучальнае? Магчыма… А магчыма дажджавыя кроплі – гэта самая надзейная восеньская сувязь. Яна не перарвецца на паўдарозе, не здрадзіць.
      Нягледзячы на добра настроенную восенню хвалю перадачы інфармацыі, прырода не заўсёды брала сумныя ноты. Моцны вецер хоць і зрываў лісце з дрэў, але рабіў гэта з ўласцівай яму пяшчотай. А што гэта была за прыгажосць, калі рознакаляровая лістота кружылася ў паветры , засцілаючы наваколле стракатай покрыўкай! Тужлівага настрою не ўзнікала. Можа, толькі, калі дажджавыя кроплі набіралі моц і з асаблівай хуткасцю асыпаліся на зямлю.
       Вера ішла па парку і захаплялася лістападам. Разглядаючы дрэвы, яе погляд мімаволі прыпыніўся на вялікім жоўта-зялёна-чырвоным клёне з мноствам трапечучых лісточкаў.  Магутны камель быў у зморшчынах, з рассечанай верхалінай. Колькі навальніц і віхураў яно перацярпела? Колькі грымелі над ім грымоты, пралівалі дажджы восеньскія і вясновыя слёзы? Колькі разоў маланка праносілася паўз яго? І ўсё ж аднойчы закранула верхаліну і рассекла яе надвое. А моцны вецер так часта згінаў дрэва да зямлі. Яно ж разгіналася і станавілася яшчэ больш магутным і прывабным. За што столькі вытрывала вялікае дрэва? Для чаго? Каб каранямі яшчэ мацней зачапіцца за зямлю, каб верхалінай дацягнуцца бліжэй да неба, каб стаць такім, якому ўжо не перашкодзіла б ніводная стыхія ці з’ява прыроды. Так разважала сталая жанчына, аглядаючыся ў думках на сваё жыццё. У Веры яно было не лягчэйшае. Нямала чаго прыйшлося ёй вытрываць на працяглай жыццёвай дарозе. Што ні дзень – то крок наперад, імкненне да жаданай  мэты, такой блізкай і далёкай адначасова. Гэта былі і радасныя крокі, але часцей – праз боль і слёзы, праз расчараванні, разбітыя мары і надзеі, з вялікім намаганнем, ледзь-ледзь перасоўваючы ногі… Былі імгненні, калі здавалася, што наступны дзень будзе перадапошні ці, нават, апошні. Але выходзіла сонейка і асвятляла шлях. Бог даваў сілы на яшчэ адзін крок, на яшчэ адзін дзень.  Яны складаліся ў тыдні, месяцы, гады… І вось зараз, азіраючыся на жыццёвыя кіламетры, Вера была ўдзячна небу за ўсё, што сустракалася на сцяжынцы. Бо тое, што не зламала жанчыну, зрабіла яе больш моцнай і трывалай.  Хоць гады  і пакінулі свой адбітак  і на абліччы, і на постаці ўжо немаладой жанчыны. Шыкоўныя доўгія цёмныя валасы былі ўпрыгожаны срэбнымі ніткамі. Асабліва многа такога срэбра было на скронях. На маленькім твары нібыта сонечныя промні разыходзіліся зморшчынкі. Вера ніколі нікому не паказывала свой боль, душэўныя пакуты, перажыванні і слёзы. Кожны, хто быў з ёй знаёмы, казаў, што не бачыў больш дабрыні, пяшчоты і пазітыву, сабранага ў адным сэрцы. Ніхто не ведаў, колькі прыходзілася прыкладаць намаганняў, каб падтрымліваць сувязь з нябёсамі, каб  быць падобнай на сонейка і адорваць усіх сардэчным цяплом і святлом.  Гэта і быў адзіны канал стабільнасці, дапамогі і духоўнай раўнавагі.
      Мокрыя ніці, якімі ўжо каторы дзень хмары прашывалі зямлю, раптам перарваліся.  І праз восеньскія думкі Веры прабіўся сонечны прамень. Ды такі яскравы, што навакольны свет заззяў золатам, а ў кожнай кропельцы вады адбівалася вясёлка. Менавіта яна і стала тым злучальным мастком паміж дзвюма паверхнямі: і Сусвету, і чалавечай душы.
      Неба заўсёды дае сілы тым, хто настройвае сваю жыццёвую хвалю на хвалю вечнасці.