Табе ізноў, каханая, не спіцца?
Усё гуляюць думкі ў чахарду?
Ты мне дазволь – і я бяду-начніцу
з чароўных веек чарамі звяду.
З тваіх вачэй з амаль кацінай ласкай
зганю бяссонне ў кут, нібы клубок,
і прамурлычу зманлівую казку –
што без цябе і я заснуць не мог.
Пасля сваймі абдымкамі сагрэю
і туманом дрымотным абаўю.
І папрашу садзеяння ў Марфея:
“Закалышы любімую маю!”
Няхай твой сон ахоўвае да ранку
маё цяпло і хвалі калыханкі…
15.10.2013
-------------------------------------
Адно з тлумачэнняў слова "начніца" – "бяссонне". ( "Вушацкі словазбор" Р. Барадуліна http://nn.by/?c=ar&i=116213 )
Другое – міфічная істота, злой дух, які не дае спаць – http://www.rv-blr.com/dictonary/view/3643
Марфей – Бог сну ( http://ru.wikipedia.org/wiki/Морфей)