У даль, за небакрай...

Лаззаро
Калі, распятая бядой,
душа слязьмі прасоліцца
і, растапіўшы льды-глыжы,
раскаецца ў грахах,
маліся, каб знайшоўся той,
хто за цябе памоліцца
і дапаможа перажыць
пясчаных замкаў крах.

Схапіся ў скрусе і жальбе
з уласнымі  хімерамі,
прасі як хлеба і вады,
каб Бог аслабаніў
і каб пашчасціла табе
на брацтва моцных вераю,
чые самкнёныя шчыты –
цвярдыні-камяні.

І зноў паверыш у жыццё,
і здзівіш перамогамі,
і  сам падзівішся, калі
ў сабе адкрыеш рай
і скінеш ветхае асцё –
і новымі дарогамі
нанова пойдзеш па зямлі…
у даль –
за небакрай…

25.03.2014