Па-за гульнёй

Вершы
Я страціў смак, я страціў сэнс жыцця,
І больш  мяне нічога не хвалюе.
Цяпер вясновы дождж цябе цалуе,
А я ніяк не выйду з забыцця.

Запамятаваў словы, што казаў,
Калі цябе сустрэў неспадзявана.
Забыўся, як кахаў усхвалявана.
Цяпер маё становішча "па-за".

Па-за твайго жыцця, па-за гульнёй,
Па-за мяжой, што ўзнікла паміж намі.
Па памяці маёй прайшло цунамі.
Не памятаю болей вобраз твой.

Ад слёз не дапаможа парасон.
Цябе цалуе дождж. Не я. І кропка.
Я горыч крыўды праглыну таропка -
Хутчэй пра ўсё  забыць, як дрэнны сон.
29.03.2014