Серада

Вершы
Надышла серада - гэта час азірнуцца назад,
узгадаць тыя справы, што я завяршыў паспяхова.
Хутка выпусціць першае лісце абуджаны сад,
І паўстане прад светам маё друкаванае слова.

Серада - гэта роздум над сэнсам пражытых хвілін,
Гэта кропка зваротнага ліку, дарогі палова.
Скрозь нябёсы вясны на радзіму вяртаецца клін ...
Да мяне так раптоўна аднойчы вярнулася мова.

Я сярэдняга ўзросту, і гэта мая серада.
Мне агледзецца трэба, зрабіць неўзабаве высновы,
Бо ўцякае жыццё, як праз тонкія пальцы  вада.
Час настане, i я растваруся ў паветры вясновым.
09.04.2014