Пятнiца мая

Вершы
Ты падкрадзешся ціха, нібыта здрадніца, сцiплай усмешкай  заманіш мяне ў палон, i на маё – табе: “Прывітанне, Пятніца", шчыра, пяшчотна працягнеш сваю далонь. Я на далонь табе пакладу вясновае, чыстае неба – пад колер тваіх вачэй. Хустка твая, як сонца яскрава-новае. Ты мне  аддай яе наўзамен хутчэй.

Толькі скажы, i ноч надыдзе  бясконцая. Хочаш, я хуткi час для цябе спыню? Я табе i каханы, i абаронца я, бо я цябе кахаю i бараню. Дзесьці за цёмным лесам садзіцца сонейка, ветрам даносяцца музыка, галасы. Нехта спявае пад пераліў гармоніка…. Гладжу рукамі я твае валасы.
06.05.2014