Пакуль ты спiш

Вершы
Пакуль ты спіш, гайдаецца зямля  бяляваю дзяўчынкай у сусвеце,
Сады квітнеюць, нiбы ў першы раз, губляючы пялёсткаў белы снег.
Пакуль ты спіш, я для цябе пішу. Старонкі перагортвае мне вецер,
Чарніліцы азёраў зіхацяць, і час спыняе свой адвечны бег.

Пакуль ты спіш, я мару аб жыццi, дзе будзем мы ісці з табою разам,
Дзе знойдзе нас каханне ўпершыню – бязмежнае, як чысты далягляд.
Ты спі пакуль, далёкім будзе шлях. Яго прайсці павінны мы сам насам
З усім, што нам падрыхтаваў наш лёс. Прачнешся – будзе ўсё на новы лад.

08.05.2014