Лаззаро

Вершы
Ты і я - дзве розныя планеты,
нам сустрэцца дадзена не будзе.
Мне не важна (чуеш?), хто ты, дзе ты,
важны толькі боль, што цісне грудзі.

Відавочна: ты і я - не пара,
мы такія розныя, як дзеці.
Месца хопіць нам з табой, Лаззáра,
паасобку крочыць у сусвеце.

Вось такі вось верш, здаецца, сумны.
Зараз дапішу, пастаўлю кропку…
Веру я, што чалавек разумны
не жадае крочыць паасобку.

Працягні руку мне, усміхніся
на мае наіўныя пытанні.
Хочаш, разам паляцім у высі?
Далучайся, сябар. Прывітанне.

15.05.2014