Срэбная калыханка

Верасовы Звон
срэбная калыханка

(прысвячаецца Дар'і Дарошка)
http://www.stihi.ru/avtor/edlaladanko

між аблокаў ззяе серабрысты твар. 
патанае ў казцы сцішаны абшар. 
засыпае снегам поўня ўсё наўкол,
Засыпае срэбрам дах, і плот, і дол.
Спі мая галубка ціхім светлым сном.
Ходзіць снег па даху срэбраным катом.
На замерзлых шыбах расцвілі сады:
папараць іскрыцца, ружы са слюды.
Між крыштальных яблынь ходзяць гарцукі.
Падыдзі да коней, дай ім хлеб з рукі.
чуеш ты, ці чуеш у паветры смех,
лёгкі і празрысты, быццам срэбны снег?
Спі, мая галубка, серабрыстым сном.
Ходзіць снег па даху срэбраным катом.
Хутка прыйдзе ранак, зазірне ў вакно -
Золатам і барвай палыхне яно!
Казытну я промнем мой любімы нос: -
Прачынайся, сонца, я чайку прынёс!

2014