Першамай

Лариса Винникова 2
 Сапраўдных, вялікіх свят,якіх чакалі і да якіх рыхтаваліся, у нашым дзяцінстве было няшмат: Новы год,1 Мая,9 Мая ды 7 Кастрычніка. Але ўспамінаў пра кастрычніцкае свята не захавалася: можа таму, што восенню было ўжо халаднавата і бацькі нас не бралі з сабой. А вось перад Першамаем бацька рабіў дрэўка на сцяг, фарбаваў яго  ў чырвоны колер. Затым урачыста замацоўваў з правага боку хаты.
  Загадзя купляліся рознакаляровыя паветраныя шары, але надзімаць іх не дазвалялі да самай святочнай раніцы. Таму прачыналіся мы з сястрой зарана, бо не давалі спаць тыя гумавыя, прыпудраныя нечым белым, каляровыя анучкі, якія павінны былі ператварыцца ў цудоўныя празрыстыя святочныя аблокі. А мы, у сваю чаргу, не давалі спаць бацькам.
  І вось вялікія (пакуль палова з іх яшчэ не лопнула) гронкі шароў прывязаны да маленькіх нашых сцяжкоў. А мы ўсёй сям'ёй, прыгожыя і шчаслівыя,рухаемся да маслазавода, дзе працавала мама. Сустракаем знаёмых,усміхаемся незнаёмым. З рэпрадуктараў гучыць бадзёрая музыка.Паветра насычана СВЯТАМ!
  Вялікай калонай выходзім на вуліцу.Сцягі,транспаранты, папяровыя кветкі, шары. І  абавязкова - партрэты!У кожнай калоне свая песня і свая гармонь, якой дапамагаюць,не шкадуючы звязак, дэманстранты.
  І так,як маленькія ручайкі ў вялікую раку,зліваюцца людскія плыні ў адзін акіян. Мы ідзём амаль праз увесь горад, і агульны настрой узмацняецца ад усё большай і большай колькасці ўсмешак, музыкі,сцягаў і кветак! А ўжо на плошчы перад трыбунай гэта шчасце яднання і гордасць выліваецца ў моцнае "УРА!"!!!
Шчырае, ад усяго сэрца!
Можа,і было гэта свята палітычным,але ўспамін аб ім самы светлы.