Здзекi цi кпiны?

Лариса Винникова 2
     Калі прыходзіцца чуць пра дзіцячую жорсткасць( а зараз гэта звыклая з'ява) задумваюся, а ці былі мы жорсткімі. Ну, калі гэта можна назваць жорсткасцю, мы лавілі майскіх жукоў і саджалі ў скрыначкі ад запалак. Карацей кажучы, здзекваліся з іх. І не лічылася за здзек адсекчы галаву пеўню, і ўсе ведалі, што народжаных сляпых кацянят баба Макараўна тапіла ў вядры з вадой. Так рабілі ўсе.І не вельмі  шкада іх было, як і тых мышэй, што траплялі ў пасткі.
     А вось у адносінах да людзей мы былі больш вынаходлівымі ў сваіх кпінах. Але краналі  толькі таварышаў ці супернікаў,бо з дарослага кпіць - крый Божа!
     Практычнае прымяненне нашай нелюбові пачалося, калі мая старэйшая сястра Валька і яе сяброўка Таня занявесціліся. А на нашай вуліцы перад кім нявесціцца? Адзін Лёнік! Ён не ў лік, бо мала таго, што сусед, дык яшчэ іх аднакласнік. А вось на суседняй вуліцы новыя жыхары з'явіліся. І хлапцы іх - Сашка і Пашка - у наш гурт гуляць прыходзілі. А следам і дзяўчаты чужыя падцягвацца сталі. Вось аднойчы мы і наладзілі ім варожбы на суджаных на чорнай кнізе(гісторыі старажытных часоў) з нажніцамі.Пакуль тыя трымалі кнігу і,заплюшчыўшы вочы, марылі пра суджанага,мы абмазалі іх прыгожыя тварыкі сажай.У гэтых дзяўчат больш не стала вольнага часу, бо яны перасталі хадзіць да нас.
      А шкада, бо ў нашым арсенале былі яшчэ і пачастункі. Напрыклад, скібкі з "замежным апельсінавым джэмам"(апельсінавай зубной пастай) або карамелькі "Сліва" з начыннем. Мы іх замест слівовага начыння, якое самі выядалі, запраўлялі казінымі гарошкамі- блага гэтага дабра на вуліцы хапала! Але гэтымі "прысмакамі" мы ўжо частавалі наступных прэтэндэнтак на кавалераў старэйшых сябровак.
    Вось так жорстка мы здзекваліся з суперніц, а самі рагаталі, смяяліся ці хіхікалі за іх спінамі аж, як кажуць, да мокрых падштанікаў.