Н. Мар-ч
Маленькая мая, чый гэты дзень
Ад апагею сна да смерці ночы?
Ты хочаш быць, ды не глядзіш мне ў вочы,
І моўчкі развітальнае прарочыш.
Маўчыш. Чаму? …Хаваецца ў вадзе
Лілея самай ветранай з надзей.
Не бачыш тых, што трэба цалаваць,
Ды молішся за першае спатканне.
Ты – верная жанчына-развітанне,
Чужая палюбоўніца. І ранне
(мой верны і агідны веры таць)
Ужо баіцца вечнасцю звязаць.
І ты святая, мілая, таму,
Што палюбоўніцай баішся ночы,
Што вочы ў вочы быць са мной не хочаш,
Што верная ты ў радасці і моўчкі!
Ды ад граха жыццё душу скрадзе:
Ты сыйдзеш светла да маіх надзей!..