Што за дзіўная зіма?
Красавік, дый годзе!
Ні сняжыначкі няма.
Лужыны — не ў лёдзе.
Дожджык пырсне — і з нябёс
"пазяхае" сонца:
"Як у свеце? Мо мароз?
Ці вясна — бясконца?"
Новы год, а на двары
зелянее траўка.
Дзе вы, снЕжкі, снегіры,
зімнія забаўкі?
Дзе завеі, дзе яны —
злыя завірухі?
Досыць нам тае маны —
беззімовай скрухі!
Дзень здаецца вам нудой?
Смутак дапякая?
А давайце грамадой
зіму пагукаем!
Заспяваем, загудзім,
задудзім на дудцы —
усе разам, як адзін.
Падтрымайце, людцы:
"Ой ты, зімейка — зіміца!
Мо пара табе з'явіцца
і, нарэшце, хоць у снежань,
замарозіць і заснежыць?
Ну-ка Зімка, выхадзі,
карагоды завадзі!"