З Новым годам!

Лаззаро
Прывітанне, сябрукі!
Добры дзень, сяброўкі!
Сёння — свята. Не з рукі
грозна хмурыць броўкі!

Паглядзіце — Новы год,
натаптаўшы клункі,
сустракае ля варот,
дорыць падарункі.

Сёння ён — шаноўны госць
і доўгачаканы.
У яго ў мяшэчку ёсць
смех — для несмяянаў,

песні — тым, хто не пяе,
казкі — для занудаў
і...чаго вам не стае —
танцы, гульні, цуды.

А для тых, каму ні ў чым
не хапае ладу,
ён падкідвае мячы,
і з мячамі — радасць.

Ды каб вам падчас гульні
на зямлю не ўпасці,
дорыць сонца прамяні,
снег і... мора шчасця,

і здароўя, і дабра,
і святла, і згоды...
І любві. Але ж пара
крыкнуць: "З Новым годам!"