Ноччу цiха

Вершы
Ноччу ціха, ноччу пуста,
Дом да раніцы заснуў.
Можна проста
            з'ехаць з глузду,
Падаючы ў цішыню.

Цьмянае святло ад лямпы,
Месяц б'ецца з-за гардзін.
Словы простыя – не штампы:
Я адзін, зусiм адзін.

Ты заходзь, заходзь, сярпаты,
Будзем сумаваць удвух.
Хочаш кавы, ці гарбаты?
Годзе ліць святло на луг.

Хопіць, досыць плыць па небе,
Праз акно заходзь – налью!
Нам абодвум стане лепей.
Піць адзін я не люблю…

Ноччу пуста, ноччу ціха,
Месяц, здзіўлены, плыве.
Дом заснуў. Пануе ліха
Ў неспакойнай галаве.

14.01.2015