Уначы

Леонтий Обринский
 Непрыкметна патух вечар позні,
 Ноч павісла суцэльнай сцяной,
 Укрывае яна асцярожна
 Цёмнай коўдраю сон і спакой.

 Прачынаецца месяц бязрогі,
 Лашчыць зоркі халодным святлом.
 Прытаміліся бегаць дарогі,
 Спачываюць за сонным сялом.

 Крыкне певень падчас з перапуду-
 Адгукнецца спрасонку другі.
 Цемната выцірае ўсюды
 Дзённы след непатрэбнай тугі.

 Цішыня каля хат зазвінела,
 Пэўна, вецер папаўся ў палон.
 На падушку паволі, нясмела,
 Запаўзае дакучлівы сон.

 Перад досвіткам знікне дзянніца,
 Згубіць ноч у траве цемнату
 І чароўныя сны будуць сніцца
 Толькі мне аднаму...Аднаму...