За ракою...

Леонтий Обринский
 За ракою заснуў у траве халадок,
 Подых ветра яго непакоіць.
 А празрыстая рэчка сыпучы пясок
 Каля берага вільгаццю поіць.

 Я стаміўся ў жыцці, пастарэў, занямог,
 Настальгія ў сэрца запала.
 І далёкаю марай бацькоўскі парог
 Часта сніцца апошнім прычалам.

 Што набыў у жыцці - павяду за сабой,
 У былое вярнуся чужою дарогай.
 Там плыве халадок над празрыстай ракой
 І дзяцінства стаіць ля парога.

 На хвіліну спыню ля ракі горкі шлях,
 Акунуся ў ваду, утаплю ўсе нягоды -
 І закружыць мяне ў жытнёвых палях
 Адчуванне набытай свабоды.