У палон бярэ зямлю імгла,
Шэрань уладарыць зноў у садзе...
І прамень апошняга святла
Мільгане вось там, на даляглядзе,
Пацалуе лісцік на вярбе,
Паплыве на шлях, на скрыжаванне...
Ноч раскіне коўдру ў журбе,
І знікае сцішана ўранні.
* * *
Зацвілі вясной сады
і паляны,
Квецень радуе заўжды,-
май жаданы.
Гэты дзень, які люблю,
час цвіцення,
Кожнай пчолцы, матылю
блаславенны.
Сонца ранкам узышло,-
прасвятленне,
Промні лашчылі сяло,-
суцяшэнне...
Зборнік "Мелодыя жыцця" 2014г.