Мастак

Вершы
Усё, на жаль, не тое,
усё даўно не так.
Празрыстае, святое
намаляваў мастак.

Намаляваў, як бачыў,
як сэрцам адчуваў:
злавіў за хвост удачу,
трымаў і маляваў.

Але суровы крытык,
знайшоўшы шэраг плям,
на твор атрутай выцек –
разнёс карціну ў хлам.

Я крытыку прымаю,
я крытыку люблю.
Сябе ў руках трымаю…
А творца – у пятлю.

Не, не, мастак, не варта,
не трэба змрочных дум.
Хай крыва легла карта,
хадзем, прагонім сум.

Твой талент – лепей скарбаў!
Гары, журба, агнём!
Нальем у чарку фарбаў
i з крыўдай праглынём!

07.04.2015