Цвiлi сады

Вершы
Цвілі сады.
З вясной прыйшоў кахання час.
Было рамонкава-пялёсткава-няцотна.
Паветра майскае на крылах несла нас,
Ты мне ўсміхалася ласкава і пяшчотна.

Вясна расшчодрылася спевамі крыніц,
Пра нешта радаснае шчабяталі птушкі.
Мне казытала вусны срэбра завушнiц,
Калі цябе няўмела цалаваў у вушкі.

Сур'ёзны погляд твой бянтэжыў і п'яніў,
Ляцелі думкі паміж намі – не для друку.
Вясной збылося тое, што я ўзімку сніў:
Абодва сэрцы супадалі ў кожным стуку.

11.05.2015