Звычайны дзень

Леонтий Обринский
  Стыне вецер прамоклы ў прасцягу пустым,
  Хмары поўныя пхаюцца ў небе паволі,
  І ў тумане халодным, вільготна-густым,
  Торп саломы аселы дубее ў полі.

  Жураўлі адляцелі. З нейкім сумам гракі
  Ля дарогі крычаць перад звыклым адлётам,
  Ды пажоўклы аер, каля цёмнай ракі,
  Абдымаецца з лысым чаротам.

  Лес хавае тугу ў замшэлых карчах,
  Неспакойна гудзяць верхавінамі сосны...
  Шэры дзень за акном, але радасць ў вачах,-
  Дзень прыгожы па-свойму і нават дзівосны.