Пралескавае

Вершы
Не шукай мяне, калі зіма
Крыламі ўзмахне над Беларуссю.
Я, чаму – не ведаю сама,
Хутка ў першы снег ператваруся.

Восенню таксама не шукай,
Я дажджом загрукаю па даху.
Не тебе прызначана – няхай,
Скокну на страху без кроплі страху.

Не гукай улетку, я расой,
Ранішняй расой траву абмыю.
Нехта першы зазвініць касой –
Слёзна лягуць бадылі прамыя.

Ты знайдзі, знайдзі мяне вясной!
Я, на зайздрасць лепшым краявідам,
Пад пухнатай хвояй, пад сасной
Узыду пралескавым блакітам.

15.12.2015