Азёры

Евгений Одаев
У векавечнай сонечнай прасторы,
Дзе ўцеху мроям дорыць сон-трава,
Як казка, цуд - Браслаўскія азёры...
Дзівос тут колькі, колькі хараства!

Тут многа слоў казаць зусім не трэба,
Бо позірк толькі кінь - і ўбачыш ты,
Як ранкам мые тут блакіт свой неба,
Прамень купае сонца залаты.

Тут ноччу цішыню пьюць прагна зоры,
І шчырасць сэрца тут бярэ выток.
Я вас люблю, Браслаўскія азёры,
Прыгожы беларускі мой куток!

Браслаўскія азёры - гэта цуд.
Сустрэча з імі кожнаму - як свята.
Душою адпачнеш заўсёды тут:
На Неспішы, на Утлі, на Дрывятах.

Пабачыш астравы і валуны,
З бусламі пасябруеш, з жаўрукамі.
І будуць да цябе прыходзіць ў сны
І След той Божы, і Каровін Камень.

Залівы, бухты, выспы, спеў вады
І спадчына, што ледавік пакінуў...
Ў прыродзе некранутай назаўжды
Непрыхаваны скарб маёй краіны.

Сябры, канешне, нельга расказаць
Пра ўсё, што сэрца агарне пяшчотай.
А хочаш лепей гэты край спазнаць -
Дык прыязжай, каб ганарыцца потым,
Што ёсць у беларускай у зямлі
Блакітныя азёры-каралі!