беларускiя ненародныя замовы - 2

Саша Морозов
(працяг)

ад нячыстай сілы

Конь стары, але упарты –
Кожны дзень на павагі варты.
Хай капытам лясне сівы
Па рагам нячыстай сілы!

ад харчовага атручвання

Добры дзядзечка памежнік,
Барані ад брыдкай ежы!
Хай не звяжа кішкі ў скрутак
Мне харчовая атрута!

ад каларадскага жука

Наляцела, нібы хмара,
Паласатая пачвара.
Каб цябе пабіла градам!
Гэць дамоў – у Каларада!

ад храпу

Сярод ночы сэрца ёкне –
Затраслося шкло ў вокнах!
Толькі шкоду не лячу я:
Мне ўсё роўна – я ж не чую!

на грошы

І ў зіму, і ў лета
Марай я адной сагрэты:
Хай грызуць мяне як вошы
Кожны дзень дурныя грошы!

ад падаткаў

Раптам стала ціха-ціха –
Па краіне ходзіць ліха.
Хай маёй не знойдуць хаткі
Звар’яцелыя падаткі!

ад бяссонніцы

Ноч калыша, нібы маці:
“Трэба спаці… Трэба спаці!"
Шэпча чабарок і сыць:
"Спі, пакуль краіна спіць!”